Да 95-годдзя з дня нараджэння Артура Вольскага
Артур Вольскі (Артур Вітальевіч Зэйдэль-Вольскі) нарадзіўся 23 верасня 1924 года ў горадзе Дзяржынску Мінскай вобласці. Бацька, Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі, вядомы беларускі драматург, празаік, вучоны, аўтар праслаўленага "Несцеркі".
Вучыўся Артур Вітальевіч у 25 мінскай узорнай чыгуначнай імя Чарвякова беларускай школе. У гэтай школе таксама вучыліся ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Рыма Шаршнева, будучыя пісьменнікі Э. Агняцвет, А. Міронаў. Геаграфію ў гэтай школе выкладаў Янка Маўр. Артур Вітальевіч меў многа сяброў самых розных нацыянальнасцей.
Пасля сёмага класа паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе пачалося знаёмства з самастойным жыццём. Вайна перапыніла навучанне. Артур Вольскі эвакуіраваўся ва Уральск, дзе працаваў мастаком у тэатры імя Я. Коласа.
У 1942 годзе быў прызваны ў войска, служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у баях супраць імперыялістычнай Японіі. Быў боцманам, мінёрам, ваенным журналістам. Пасля дэмабілізацыі, з 1952 года, Артур Вітальевіч працаваў у рэдакцыі газеты "Чырвоная змена" загадчыкам аддзела культуры, адказным сакратаром часопісаў "Бярозка", "Вясёлка". Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1962). 3 1963 года - загадчык літаратурнай часткі, а потым дырэктар Беларускага тэатра юнага гледача. У 1978-1979 годах - дырэктар Дома літаратара Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1981-1984 гадах - старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1955 года).
Дэбютаваў у друку ў 1937 годзе. Напісаў на рускай мове аповесць «Родная семья» (Хабараўск, 1953, у суаўтарстве з Б. Іртышскім). Аўтар зборнікаў паэзіі «Водбліскі далёкіх маякоў» (1958), «Далёкія і блізкія прычалы» (1962), «Дабрата» (1966), «Выратавальны круг» (1974), «Строма» (1982), «Чалавек, якому баліць» (выбранае, 1984), «Наваселле дрэў» (1990). Аўтар кніг паэзіі, прозы, казак для дзяцей «Маленькім сябрам» (1955), «Дзедаў госць» (1958), «Чырвоная зорка» (1961), «Чарнічка» (1964), «Рагатка» (1971), «Што такое мікра тое» (1971), «Лясныя мастакі» (1973), «Жывыя літары» (1973), «А куды падаўся дождж» (1974), «Ізумрудавы горад, дзе ты?..» (1977), «Еду ў госці да слана» (1978), «Сонца блізка ўжо зусім» (1984), «Дабяруся да нябёс» (1984), «Ад А да Я — прафесія мая» (1987), апавядання-эсэ «Хлеб - усяму галава» (1989). Кнігі Выбраных твораў выходзілі ў 1971, 1974.
Сумесна з П. Макалём напісаў п'есы «За лясамі дрымучымі» (1959, пастаўлена ў 1958), «Марынка-крапіўніца» (пастаўлена ў 1962). У суаўтарстве з Э. Доўнер напісаў кінасцэнарый «Марынка, Янка і тайны каралеўскага замка» (пастаўлены ў 1978). Аўтар п'ес-казак «Сцяпан - вялікі пан» (1979, пакладзеная на музыку Ю. Семянякам і пастаўленая ў 1979 на сцэне Мінскага тэатра музычнай камедыі — першая беларуская аперэта для дзяцей), «Тры Іваны — тры браты» (1985), «Граф Глінскі-Папялінскі» (1986), «Каб не змаўкаў жаваранак» (1989). На Беларускім тэлебачанні пастаўлены спектаклі «Апошняя ноч Алаізы» (1986), «Водар папараці» (1989). Перакладаў з рускай мовы, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыта.
Яго хапала на ўсё: вершы для дарослых і дзяцей, аповесці і апавяданні, п'есы для юнацтва і аперэтачныя лібрэта, мастацкія і дакументальныя кінасцэнарыі, інтэрмедыі для эстрады і цырка, літаратурныя і публіцыстычныя артыкулы. Але найбольш увагі пісьменнік удзяляў юным чытачам. Яго творы дапамагаюць лепш зразумець дзяцей, глыбей пранікнуць у дзіцячы свет. Творы Артура Вольскага карыстаюцца шырокай папулярнасцю сярод юных чытачоў. Яго дзіцячыя кнігі ў асноўным адрасаваны дашкольнікам і малодшым школьнікам. У творах пісьменніка маленькі чытач знойдзе пэўныя жыццёвыя урокі - урокі чуласці, дабрыні, адкрытасці, дружбы, урокі любві да роднай зямлі, мовы, да сваёй Бацькаўшчыны.
Адна з выразных тэм у творчасці паэта, драматурга - тэма Радзімы, Айчыны, Беларусі. Вершы Артура Вольскага "Зубры", "Купалле", "Агні на Дзвіне" - адбітак разваг пра Беларусь, трывогі за яе лёс, сардэчнага, душэўнага болю, якія перадаюцца юнаму чытачу.
Шмат твораў у Артура Вольскага і для дарослых. Галоўныя іх тэмы: зямля, веска, еднасць з прыродай, праца, памяць пра тых, хто не дажыў да Перамогі. Артур Вольскі ведаў цану радасці, цяжар гора. Вершы пра каханне, поўныя сонца і хмелю. Радзіма. Народ. Мова. Пра іх пісаў паэт Артур Вольскі, для іх пісаў, імі жыў.
Па яго сцэнарах створаны мульфільмы: "Про кота Васю и охотничью котовасию», "Моя мама волшебница". Зняты тэлеспектаклі: "Апошняя ноч Алаізы", "Водар папараці".
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны», медалем «За баявыя заслугі» і іншымі медалямі.
Памёр 5 верасня 2002 года, пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Сын Артура Вольскага - беларускі музыка і пісьменнік Лявон Вольскі.