З 18 па 29 красавіка ў гімназіі праходзілі традыцыйныя Дні навукі
У гэтым годзе нашаму навуковаму таварыству “Пошук” споўнілася 20 год. У рамках дзён навукі, якія праходзяць кожны год у красавіку, гімназісты прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах, прысвечаных вучэбным дысцыплінам, і мелі магчымасць атрымаць карысную інфармацыю, а таксама пашырыць свае веды па розных напрамках. 18 красавіка юбілейная ХХ навукова-практычная канферэнцыя традыцыйна адкрыла дні навукі, а напрыканцы адбылося пасяджэнне секцый, на якіх гімназісты прадставілі найбольш цікавыя і паспяховыя даследаванні гэтага навучальнага года.
Першы дзень традыцыйна быў прысвечаны беларускай мове і літаратуры і пачаўся з радыёгазеты “Родная мова, цудоўная мова”. На другім і трэцім паверсе працавалі выставы ”Ільняныя крылы Беларусі” з экспанатамі прадметаў народнага побыту і прыкладнога мастацтва вучняў “Залатыя рукі”
Гімназісты мелі магчымасць наведаць музычны інтэрактыўны перапынак “Беларускія напевы” і інтэрактыўную гульню “Залацінкі народнай музыкі”
На наступны дзень у цэнтры ўвагі апынулася руская мова і літаратура. Для навучэнцаў малодшых класаў былі арганізаваны вяселыя перапынкі, на якіх навучэнцы прымалі ўдзел у конкурсе грамацеяў, адгадвалі загадкі на пэўныя правілы арфаграфіі. Цікавымі сталі выстава малюнкаў і творчых праектаў “У краіне літаратурных герояў” і відэасалон аб пісьменніках “Юбіляры-2017”. А самым вясёлым стаў аўкцыён літаратурных ведаў: вучні адгадвалі прадметы, якія належалі вядомым персанажам кніг.
Пасля ўрокаў старшакласнікі праверылі ўзровень свёй пісьменнасці ў татальным дыктанце.
Акрамя выставы матэматычных казак і выпуску газет у рамках дня фізікі, матэматыкі і інфарматыкі былі арганізаваны бінарныя ўрокі, факультатыўныя заняткі, а настаўнікі інфарматыкі падрыхтавалі ўрок “Майстэрня вэб-дызайнера”. Для самых маленькіх гімназістаў былі арганізаваны ўрокі і перапынкі з займальнай матэматыкай. Напрыканцы дня вучні наведалі відээасалон “Мы ў заўтра выбралі дарогу, ці як Фядот выбіраў фізматклас”
Дзень хіміі і біялогіі быў абраны не проста так. 26 красавіка – Міжнародны дзень памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф. Вусны часопіс “Чарнобыль: учора, сёння, заўтра” нагадаў усім пра трагедыю, якая адбылася на Чарнобыльскай АЭС. На працягу дня была арганізавана выстава работ з прыродных матэрыялаў, праведзены конкурс загадак, а таксама інтэлектуальная гульня “Хімляндыя”.
Многім вучням спадабаўся павучальны ролік “Як Фядот прыроду ахоўваў” і відэа казка “Тры парасяці”.
27 красавіка свае дзверы адчыніў дзень англійскай мовы. Раніцай у фае гімназістаў чакалі каралеўскія гвардзейцы і сустрэча “Let’s speak English”.
Апошнім стаў дзень гісторыі, геаграфіі і краязнаўства, у ходзе якога было здзейснена завочнае падарожжа “Вялікія музеі свету”, арганізавана фотавыстава “Мая краіна ў фотааб’ектыве”, а таксама праведзена інтэрактыўная віктарына “Які цудоўны свет”. Розныя конкурсы і гульня “Залаты ланцуг” па тэме “Я – грамадзянін” дазволілі гімназістам прадэманстраваць і паглыбіць свае веды.
У ходзе заключнай канферэнцыі, якая прайшла 29 красавіка, былі падведзены вынікі працы, адзначаны самыя актыўныя і цікаўныя вучні, а таксама вызначаны задачы на наступны навучальны год.